Прэзентацыя выставы Ядзвігі Сянько

16 лютага ў палацыку адбылася прэзентацыя выставы “Святло ікон” мастачкі з г. Маладзечна Ядвігі Сянько. На выставе прадстаўлена 36 спісаў з найбольш вядомых праваслаўных і каталіцкіх ікон.

Усяго мастачкай напісана больш за 2000 ікон і карцін на хрысціянскую тэму. Яе працы можна ўбачыць не толькі ў храмах і музеях Беларусі, але і за яе межамі.

Выставачнай дзейнасцю Ядвіга Іванаўна займаецца з 2003 года. За гэты час больш за 250 персанальных выстаў ікон і карцін прайшлі ў гарадах Беларусі.

Ядвіга піша творы з ікон, якія знаходзяцца не толькі ў царквах, але і ў прыватных калекцыях. Гэта дае магчымасць убачыць іконы, якія знаходзяцца ў далёкіх ад нас гарадах.

У працах мастачкі адчуваецца не толькі жаданне тварыць, але і імкненне данесці да гледача духоўнае напаўненне ладу, яго глыбіню. Акрамя таго, стварэнне ікон патрабуе вялікай адказнасці, бо выявы Збавіцеля, Божай Маці, святых маюць вельмі глыбокі сакральны сэнс. Таму Ядвіга Іванаўна перад стварэннем кожнага новага спісу вывучае духоўную літаратуру, збірае звесткі аб іконах.

Ядвіга Сянько лічыць, што час многае змяніў, і яе радуе, што ўсё больш людзей далучаюцца да веры. Часта ёй паступаюць заказы на стварэнне канкрэтнай іконы. Некаторыя хросныя заказваюць для немаўлятаў так званыя імянныя іконы, на якіх намаляваныя святыя, імёны якіх носяць дзеці.

Працуе мастачка і ў жанры пейзажа і нацюрморта, напісала каля 600 кветкавых кампазіцый і пейзажаў.

Негледзячы на тое, што творы Я.Сянько дэманстрыруюцца ў палацыку не першы раз, мастачка наведала музей упершыню. Прыемна, што на сустрэчу з Ядвігай Іванаўнай прыйшла вялікая колькасць пружанцаў, якія з цікавасцю слухалі мастачку, задавалі пытанні і фатаграфаваліся. Сустрэча атрымалася цёплай і ўтульнай.

435