Музей-сядзіба «Пружанскi палацык»

Музей-сядзіба «Пружанскi палацык» — адзіная адноўленая сядзіба такога тыпу ў Беларусі! Аснова канцэпцыі экспазіцыі нашага музея, якая была распрацавана ў 1998 годзе навуковай групай супрацоўнікаў Брэсцкага абласнога краязнаўчага музея пад кіраўніцтвам вядучага навуковага супрацоўніка музея Тамары Адамаўны Слесарук — узнаўленне інтэр’ераў гарадской сядзібы ХІХ стагоддзя. Ужо створана першая чарга экспазіцыі — Салон, Кветкавая зала, Паляўнічы кабінэт, працягваецца праца над стварэннем Гэрбавай залы, Малога салона, Трафейнага пакою і інш.

Музей з’яўляецца важным турыстычным аб’ектам рэгіёна. У год музей наведваюць больш за 6 000 турыстаў, у тым ліку з замежжа. Супрацоўнікі музея, акрамя навуковай працы, праводзяць экскурсіі, масавыя мерапрыемствы, арганізоўваюць мастацкія, адукацыйныя і краязнаўчыя выставы, чытаюць лекцыі.

Наш музей на сёння — стаў вядомы, і як грамадска-культурны навуковы цэнтр. У ім адбываюцца музычна-літаратурныя вечарыны, навуковыя канферэнцыі па захаванні і папулярызацыі гісторыка-культурнай спадчыны.

Асноўныя вынікі творчай працы калектыва музея ў розных галінах музейнай дзейнасці мы падаем на нашам сайце. Тут Вы атрымаеце магчымасць пазнаёміцца з мінулым нашай сядзібы, даведацца, як ствараўся наш музей і чым ён жыве сёння, заглянуць у экспазіцыйныя залы і музейныя фонды, азнаёміцца з праграмай выстаў і мерапрыемстваў, атрымаць звесткі аб паслугах музея, а таксама знайсці для сябе шмат патрэбных зьвестак ў галіне музейнай справы і турызма ў рэгіёне.

У 2008 годзе споўнілася 15 гадоў ад дня заснавання музея. За гэты час зроблена не мала, але шмат чаго яшчэ трэба ажыццявіць! Нам выпала высакародная місія захоўваць рарытэты, якія дапамагаюць уведаць далёкае мінулае, лепш зразумець сучаснасць і ўпэўненна рухацца ў будучыню, каб гэтыя веды пераходзілі з пакалення ў пакаленне, спрыялі ўзнаўленню і ўмацаванню этна-культурных традыцый, дапамагалі выхаванню самасвядомасці і патрыятызму, пачуцця нацыянальнай годнасці і любові да Бацькаўшчыны.

Спадзяемся, што на бачынах сайта нашага музея Вы знойдзеце карысныя матэрыялы, зможаце запытаць і атрымаць патрэбныя Вам звесткі, усталяваць дзелавыя сувязі.

Мы адчыненыя для ўсіх, чакаем Вас у гасцях у рэальнай і віртуальнай прасторы.

Дырэктар музея-сядзібы «Пружанскi палацык» Юрый Зялевіч
 
Афіцыйны сайт музея — http://museum.pruzhany.by/
А таксама:
у Facebookу — https://www.facebook.com/pruzhanypalacyk/
у Twitterы — https://twitter.com/museum_palacyk/